О́МА ЗАКО́Н,
адзін з асн. законаў электрычнага току. Устаноўлены Г.С.Омам (1826). Паводле О.з. сіла пастаяннага току I у правадніку прама прапарцыянальная напружанню электрычнаму U на канцах гэтага правадніка: I = U/R. Каэфіцыент R, залежны ад матэрыялу правадніка, яго геам. памераў і т-ры, наз. амічным супраціўленнем дадзенага правадніка. Для разгалінаваных эл. ланцугоў абагульненнем О.з. з’яўляецца 2-е Кірхгофа правіла.
У дыферэнцыяльнай форме О.з. запісваецца:
, дзе — шчыльнасць току, σ — электраправоднасць правадніка, — выніковая напружанасць эл.-статычнага поля і эл. поля пабочных сіл. У агульным выпадку залежнасць паміж I і U нелінейная, аднак на практыцы для пэўнага інтэрвалу напружанняў карыстаюцца О.з. (для металаў і іх сплаваў гэты інтэрвал практычна неабмежаваны). Пры наяўнасці крыніц току (акумулятара, тэрмапары, генератара ці інш.) на дадзеным участку ланцуга О.з. вызначаецца формулай: I = (U + ε)/R, дзе ε — эрс крыніц току, уключаных у дадзены ўчастак. Для замкнутага ланцуга О.з. мае выгляд: I = ε/(R + r), дзе r — унутранае супраціўленне крыніцы току. Для сінусаідальных квазістацыянарных токаў выконваецца О.з. у камплекснай форме: I = U/Z, дзе Ζ — поўнае электрычнае супраціўленне, I і U — амплітудныя ці дзейныя значэнні сілы току і напружання.
т. 11, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)